МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.